
Ганна Валынец — журналістка ў сферы правоў чалавека, гендара, экалогіі і тэхналогій, інтэрв’юерка, мэнэджэрка аналітычных праектаў.
Вольга Вербіловіч — даследніца інваліднасці і досведу вымушанай эміграцыі жанчын старэйшага ўзросту, дактарантка ў праграме сацыякультурнай антрапалогіі Ўніверсітэта Массачусэттс, Амхерст.
Цэнтрам даследавання стала нябачная праца эмоцый у жыцці жанчын, занятых у ІТ-сектары. Увага скіраваная на тое, як эмацыйныя стратэгіі будуюцца на мяжы прафесійнага і асабістага, асабліва ва ўмовах крызісаў, няпэўнасці і транснацыянальнага жыцця.
Удзельніцамі сталі 15 жанчын, якія жывуць у розных краінах, але сацыялізаваліся ў Беларусі. Іх досвед раскрываецца праз глыбінныя інтэрв’ю і этнаграфічныя дзённікі эмоцый. Аналіз уключае штодзённую працу камунікацыі, эмацыйны мэнэджмент, праблемы выгарання, недахопу рэсурсаў і пошук формаў падтрымкі.
Працоўныя сітуацыі і кіраванне эмоцыямі
У сферы тэхналогій жанчыны часта выконваюць нябачную працу эмоцый — падтрымліваюць калег, рэгулююць напружанне ў камунікацыі, дапамагаюць адаптавацца да зменаў. Гэта не прадугледжана ў іх кантрактах, але становіцца часткай штодзённай прафесійнай руціны.
Такі «менэджмент эмоцый» можа праяўляцца ў падтрымцы калегі пасля канфлікту, стварэнні нефармальных прастораў для камунікацыі, альбо перакладанні складаных рашэнняў на зразумелую мову для каманды. Жанчыны часта становяцца нефармальнымі медыятаркамі, нават калі гэта не ўваходзіць у іх абавязкі.
Хаця многія кампаніі дэкларуюць каштоўнасці ўзаемапавагі і інклюзіўнасці, у практыцы такая праца не заўсёды падтрымліваецца: яна застаецца нябачнай, неаплочваемай і ўспрымаецца як «натуральная» для жанчыны. Гэта можа прыводзіць да эмацыйнага выгарання, асабліва ў калектывах без зваротнай сувязі ці падтрымкі.
Нягледзячы на высокія патрабаванні ў кіраванні эмоцыямі, многія ўдзельніцы даследавання ўспрымалі сваю працу з эмоцыямі як важную частку прафесійнага досведу — але падкрэслівалі, што яна павінна быць прызнаная, пераасэнсаваная і справядліва размеркаваная.
Мы адзначылi 3 стратэгii кiравання эмоцыямi
1. “Deep acting” і аўтаматычная рэгуляцыя эмоцый
Глыбокая праца з эмоцыямі (deep acting) — гэта стратэгія, пры якой чалавек не проста «выконвае» патрэбную эмоцыю вонкава, а свядома перабудоўвае ўнутраныя пачуцці пад патрэбы сітуацыі. У адрозненне ад «павярхоўнага» кантролю — усмешкі праз сілу або ветлівасці дзеля формы — deep acting патрабуе эмацыйнай уключанасці і разумення іншых.
У досведзе ўдзельніц даследавання гэтая стратэгія праяўляецца як:
Эмпатычны кантакт з кліентамі або калегамі нават у межах анлайн-фарматаў;
перапрацоўка негатыўных эмоцый (як гнеў ці стомленасць) у матывацыю для дзеяння;
Гнуткае кіраванне рэакцыямі ў стрэсавай сітуацыі для захавання прафесійнай стабільнасці.
Deep acting у ІТ — гэта не толькі індывідуальная эмацыйная праца, але і прафесійны інструмент, які дазваляе жанчынам утрымліваць камунікацыйныя структуры ўнутры каманд, будаваць давер і падтрымліваць прыязныя працоўныя адносіны ва ўмовах няпэўнасці, эміграцыі і высокай нагрузкі.
2. “Surface acting” і падаўленне эмоцый
Павярхоўнае дзеянне з эмоцыямі (surface acting) — гэта стратэгія, калі чалавек дэманструе патрэбныя эмоцыі без рэальнага перажывання, каб адпавядаць чаканням асяроддзя. Гэта як апранаць маску: усмешка — калі хочацца плакаць, спакой — калі знутры бурліць трывога.
“Multitasking зашкаливает! Тебе ещё кто-то параллельно [в Zoom] фидбек накидывает … Ты понимаешь, что хочешь поплакать, вылить эмоции, всё бомбит! Но ты же не можешь – сидит куча людей, 100+ участников. И ты такой … [улыбается] Да! А сейчас мы вам расскажем вот про это!” (І12, мэнэджарка па навучанні і развіцці, 29 год)
Удзельніцы даследавання апісваюць сітуацыі, дзе такая стратэгія з’яўляецца вымушанай. Напрыклад, падчас анлайн-прэзентацыі для сотні ўдзельнікаў, калі няма магчымасці выказаць стомленасць, расчараванне ці страх. Павярхоўнае “ўтрымліванне эмоцый” часта становіцца нормай у працы з кліентамі, у кіраўніцтве або ва ўмовах адсутнасці даверу ў камандзе.
“Люди очень разные, и это, наверное, не моя проблема и не их проблема, легче будет, если я не буду ни с кем ссориться и ни на кого не наезжать за глупые высказывания” (І10, фронт-энд спецыялістка, 33 гады)
З аднаго боку, surface acting дапамагае пазбягаць канфліктаў і падтрымліваць прафесійныя стасункі. Але з іншага — працяглае падаўленне сапраўдных эмоцый вядзе да эмацыйнага выгарання, ізаляцыі і адчування, што цябе не чуюць і не бачаць.
Гэтая стратэгія асабліва часта выкарыстоўваецца жанчынамі, калі ад іх “па змоўчанні” чакаюць стабільнасці, дабрыні, ураўнаважанасці. Але цана гэтай маскі можа быць высокай, калі няма прасторы для шчырай камунікацыі і падтрымкі.
3. Структурныя і гендарныя асіметрыі: калі эмацыйная праца становіцца нормаю для жанчын
Эмацыйны клопат — узаемная падтрымка, увага да стану іншых, зніжэнне напружанасці — часта лічыцца “натуральнай” часткай паводзін жанчын у працы. Гэта нябачная, але працаёмкая частка штодзённасці, якую чакаюць “па змоўчанні” — і ў калектывах, і дома.
Удзельніцы даследавання паказваюць, як у тэх-сферы такая праца рэдка прызнаецца і рэдка кампенсуецца. Яна становіцца асабліва цяжкай у моманты крызісаў: калі трэба падтрымліваць каманду, клапаціцца пра сям’ю, або супрацьстаяць несправядлівым іерархіям. Жанчыны часта выконваюць ролі нефармальных ментарак, мадэратарак канфліктаў, тых, хто “збірае” каманду, але гэтыя функцыі не ўлічваюцца як прафесійнае дасягненне.
“Я вообще не встречала мужчин в такой же ситуации – он один в чужой стране, есть двое детей и работа, и он, как я, одинаково, впрягается и в одну, и в другую сферу. Нет, я не могу представить, я не встречала мужчин в такой ситуации”. (І2, менаджарка продажаў тэх-прадукта, 40 год)
Стратэгіі працы эмоцый ў такіх умовах становяцца сродкам выжывання і супраціву. Але калі няма прасторы для гарызантальнай камунікацыі, празрыстай ацэнкі працы і падтрымкі, гэтая праца прыводзіць да ізаляцыі, страты матывацыі і выгарання.
“Мужчинам по каким-то причинам легче выбивать бюджеты и делать малорезультативные пафосные проекты. Что за женщинами я вижу, в частности, за собой? Что мы – работящие такие, м-м-м, хотела ослики сказать, но ослики очень плохо, почему мне ослики пришли на ум? Мы очень работящие, кропотливые и выдаём очень проработанные решения и результаты конкретные”. (І7, PR-мэнэджарка тэх-прадукта, 40 год)
Урэшце, гендарныя асіметрыі ўзмацняюцца, калі жанчыны сумняюцца, ці маюць права выказаць эмоцыі, ці дастаткова яны “прафесійныя”, і ці можна адкрыта казаць пра свае поспехі.
Такім чынам, як гэта ўжо было зафіксавана ў іншых даследніцкіх праектах (гл., напрыклад, “Беларуски на пути в IT”), у тэх-індустрыі захоўваюцца формы гендарнай няроўнасці, якія праяўляюцца ў тым ліку праз працу эмоцый і паўсядзённых сітуацыях выканання прафесійных абавязкаў. Такія гендарныя асіметрыі рэпрадукуюцца як знешнімі фактарамі, характэрнымі для глабальнага і лакальнага кантэксту, так і праз інтэрналізацыю жанчынамі сфармаваных стэрэатыпаў. Жанчыны разумеюць, што зрабіць свой поспех публічным для жанчыны ў тэх-індустрыі значыць прыклаці больш эмацыйных і камунікатыўных рэсурсаў, і могуць свядома абіраць больш бяспечную стратэгію – заставацца ў цені, але працягваць рабіць сваю працу добра і дасканала.
Інструменты кіравання эмоцыямі: як жанчыны падтрымліваюць сябе і іншых
Не існуе універсальных спосабаў справіцца з эмацыйнай нагрузкай на працы. Удзельніцы даследавання падзяліліся разнастайнымі індывідуальнымі і калектыўнымі стратэгіямі, якія дапамагаюць ім асэнсоўваць і рэгуляваць эмоцыі.
Індывідуальныя інструменты — гэта прыватныя практыкі самадапамогі: вядзенне нататак, чытанне артыкулаў і парадаў блогерак, фізічная актыўнасць, праца з тэрапеўтамі, клопат пра цела і прастору. Гэтыя метады часта становяцца падтрымкай, калі няма знешніх інстытуцыйных рэсурсаў.
Калектыўныя практыкі — гэта нефармальныя чаты, “жалобнікі”, размовы з каляжанкамі, сумесныя ініцыятывы. Яны ствараюць прастору для падтрымкі і супольнага разумення праблем. Такія стратэгіі ўзнікаюць у адказ на маўчанне або неэфектыўнасць фармальных механізмаў, напрыклад, калі HR “замятае” канфлікт замест яго вырашэння.
“С моей partner in cime у нас есть жалобник – это такой звонок, на котором мы жалуемся друг другу. Есть нытик, это когда нужно прям конкретно поныть. И есть ещё, извините, за мой французский, поп…ник. Это когда ты уже прям настолько, что всё плохо”. (І6, дызайнерка тэх-прадукта, 24 гады)
Пры гэтым калектыўнае кіраванне эмоцыямі патрабуе не толькі даверу, але і структур: празрыстых правілаў, магчымасцяў для шчырых размоў і падрыхтаваных ментар_ак. Менавіта таму многія ўдзельніцы далучаюцца да супольнасцяў, дзе можна вучыцца, рэфлексаваць і адчуваць, што ты “не адна”. Гэта і ёсць аснова эмацыйнай устойлівасці і доўгатэрміновага прафесійнага росту.
Высновы: праца эмоцый як нябачная інфраструктура ў тэх-індустрыі
Даследаванне паказала, што эмацыйная праца — ключавы, але часта нябачны кампанент прафесійнага досведу жанчын у ІТ. Яна ўплывае на камунікацыю, камандную дынаміку і асабісты дабрабыт, асабліва ва ўмовах крызісу, эміграцыі і няпэўнасці.
1. Уразлівасць розных пазіцый
-
Жанчыны ў продажах і тэставанні найбольш часта сутыкаюцца з ігнараваннем сваёй ролі і працы — іх уклад застаецца нябачным, а рашэнні даводзіцца прасоўваць праз мужчынскіх калег.
-
Спецыялісткі ў HR, PR, аналітыцы і дызайне часта змагаюцца з выгараннем праз хранічную перагрузку камунікацыйнай працай.
-
Тэхнічныя спецыялісткі адчуваюць ізаляцыю і недахоп зваротнай сувязі ў камандзе, што ўскладняе рэалізацыю і прафесійны рост.
2. Эмацыйная праца выходзіць за межы офіса
Эмоцыі не выключаюцца пасля завяршэння працоўнага дня. Жанчыны вучацца:
-
рэфлексаваць і распазнаваць уласныя рэакцыі,
-
прыстасоўваць сваю эмацыйную стратэгію да розных кантэкстаў (surface acting, deep acting, аўтаматычная рэгуляцыя),
-
карыстацца асабістым досведам, медыя-матэрыяламі, тэрапіяй, трэнінгамі для развіцця гэтых навыкаў.
3. Патрэба ў супольнасці і структурнай падтрымцы
Нефармальныя супольнасці (чаты, “жалобнікі”, калежанкі) аказваюцца крыніцай стабільнасці і эмацыйнай падтрымкі.
Фармальныя механізмы (рэфлексіўныя сазвоны, ментарскія праграмы, трэнінгі) мусяць развівацца, каб своечасова рэагаваць на канфлікты і крызісныя сітуацыі.
Маленькія, але адчувальныя дзеянні (размова, падтрымка, зваротная сувязь) маюць вялікі эфект, калі робяцца ў патрэбны момант.
4. Крызіс звужае рэсурсы
Умовы вымушанай эміграцыі, нявызначанасць і фінансавая нестабільнасць робяць многія ранейшыя тактыкі недаступнымі. Таму:
-
жанчыны шукаюць новыя шляхі падтрымкі праз супольнасці, навучанне, менторскія сувязі;
-
важна, каб арганізацыі і прафесійныя асяродкі прызнавалі значэнне эмацыйнай працы і прапаноўвалі не толькі індывідуальныя, але і структурныя формы падтрымкі.
Тиражирование исследование возможно только с согласия проекта “Women in tech” с обязательной ссылкой на сайт проекта. Исследование проведено Центром гендерных исследований ЕГУ в рамках проекта Women in Tech при финансовой поддержке ЕС.


