4 лютага, 18:30
«Свой пакой»: пра прасторы фемінісцкай ня/згоды
Дзякуючы Вірджыніі Вулф, «свой пакой» стаў адной з ключавых метафар для фемінісцкага асэнсавання досведу жаночага існавання ў патрыярхальным грамадстве. У далейшым канцэптуалізацыя засваення розных сацыяльных прастораў, мабільнасці і намадызму, пераадолення рэальных і нябачных сцен і межаў паміж прыватнай і публічнай сферамі, знайшла сваё развіццё ў гендэрных даследаваннях. У працах фемінісцкіх тэарэтыкіняў з’явілася шмат іншых прасторавых метафар і вобразаў. У сваім выступленні я хачу абмеркаваць, як звязаны прастора і мысленне ў фемінісцкай тэорыі, абапіраючыся на працы Вірджыніі Вулф, Юліі Крыстэвай, Рут Сальваджа і Сары Ахмед.
Альміра Усманава — філосафка, тэарэтыкіня культуры і гендарная даследчыца. Прафесарка кафедры сацыяльных навук і кіраўніца Лабараторыі даследавання візуальнай культуры і сучаснага мастацтва ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня, Літва). Даследчыя інтарэсы ўключаюць генеалогію і метадалогію візуальных даследаванняў, семіётыку, гендэрныя рэпрэзентацыі ў кінематографе і візуальным мастацтве, мастацтва і палітыку. Аўтарка кнігі Umberto Eco: Paradoxes of Interpretation (2000) і рэдактарка некалькіх калектыўных выданняў, уключаючы Anthology of Gender Theory (2000), Gender Histories from Eastern Europe (2002), Bi-Textuality and Cinema (2003), Gender and Transgression in Visual Arts (2007) ды іншыя.
Women In Tech – гэта інфраструктурны адукацыйны і даследчы праект, накіраваны на падтрымку жанчын у ІТ, стымуляванне даследаванняў на стыку тэхналогій і фемінізму, а таксама прасоўванне гендэрнай роўнасці ў галіне высокіх тэхналогій. Праект ініцыяваны Цэнтрам гендарных даследаванняў ЕГУ і фінансуецца Еўрапейскім саюзам.