25 лютага, 18:30
Салідарнасць супраць імперыялізму: трансгрэсіўныя формы сацыяльнасці і блізкасці паміж Одры Лорд і Антанінай Кымітваль
У сваім выступе Таццяна Шчурко распавядзе пра сустрэчу Одры Лорд, вядомай афраамерыканскай пісьменніцы і феміністкі, з чукоцкай пісьменніцай Антанінай Кымітваль у 1976 годзе ў Ташкенце. Гэтая сустрэча стала важным момантам узаемнай падтрымкі і салідарнасці. Шчурко паказвае, як разважанні Лорд адкрываюць новы погляд на палітыкі салідарнасці, якія ствараюцца не праз афіцыйныя дыпламатычныя каналы, а праз супольныя намаганні маргіналізаваных супольнасцей, што змагаюцца з імперскім гвалтам. Сустрэча Лорд і Кымітваль спарадзіла незвычайныя формы камунікацыі і блізкасці, якія кідалі выклік жорсткім нормам савецкай і заходняй палітычных сістэм, а таксама логіцы каланіялізму. Гэты кароткі эпізод уздымае актуальныя пытанні пра магчымасці транснацыянальнай этычнай салідарнасці сёння і розныя формы імперскага гвалту.
Таццяна Шчурко — доктарка філасофіі, дацэнтка кафедры гендарных даследаванняў ва Універсітэце Паўднёвай Фларыды (ЗША). Яе даследчыя інтарэсы ўключаюць палітыкі салідарнасці, крытычную расавую тэорыю, дэкаланіяльныя даследаванні і антыкаланіяльны фемінізм.
Women In Tech – гэта інфраструктурны адукацыйны і даследчы праект, накіраваны на падтрымку жанчын у ІТ, стымуляванне даследаванняў на стыку тэхналогій і фемінізму, а таксама прасоўванне гендэрнай роўнасці ў галіне высокіх тэхналогій. Праект ініцыяваны Цэнтрам гендарных даследаванняў ЕГУ і фінансуецца Еўрапейскім саюзам.