top of page

“Расказваць ці не?”

Як ADHD жанчыны з Беларусі даюць рады нейранарматыўным чаканням працы ў ІТ індустрыі

Yana Sanko /Яна Санько

 

MSc in Social Anthropology (Lund University)
Research Fellow (‘Her Exclusion’ Research Lab at Center for Gender Studies, EHU)

Даследніца, паэтка, фасілітатарка. Працавала ў ІТ сферы больш за дзесяць год, была су-заснавальніцай супольнасці UX Connect у Беларусі. Мае больш за двадцаць досведу выкарыстання квалітатыўных метадаў даследавання у камерцыйных, актывісцкіх і акадэмічных праектах. Даследуе тэмы, звязаныя з гендэрам, клопатам, салідарнасцю, палітыкамі ментальнага здароўя і нейраразнастайнасці ў кантэксце міграцыі. У 2025 годзе атрымала ўзнагароду ад супольнасці Women in Tech за даследаванні гендэрнай няроўнасці ў беларускай сферы ІТ.

Уводзіны

Attention deficit hyperactivity disorder (ADHD) можа перакладацца на беларускую як СДУГ альбо РДУГ (Сіндром/Разлад дэфіціту ўвагі і гіперактыўнасці). Мяркуецца, што ADHD сустракаецца ў прынамсі 5% насельніцтва (Faraone et al., 2024) і больш пашыранае сярод хлопчыкаў і мужчынаў (DSM, 2013). Аднак на дакладнасць такіх падлікаў моцна ўплывае тое, як пабудаваны працэс дыягностыкі і доступ да яго. Расце колькасць даследаванняў, што паказваюць, як няроўнасці і ўразлівасці зашытыя ў гэты працэс (Klefsjö et al., 2021). Напрыклад, досвед ADHD і AuDHD для дзяўчынак і жанчынаў можа адрознівацца ад апісанага ў псіхіятрычнай літаратуры на аснове мужчынскага досведу. Так ADHD ў жанчынаў ідэнтыфікуецца пазней ці застаецца ўвогуле нябачным (Craddock, 2024; Klefsjö et al., 2021; Littman & Wagenberg, 2023; Skoglund et al., 2024). 

 


Тэма дарослага ADHD, а пагатоў гендэрных адрозненняў такога досведу, з’явілася ў беларускім публічным полі адносна нядаўна. У дзяржаўных медыя тэма “СДВГ” усё яшчэ шчыльна звязаная з дзецьмі. Тымчасам, некаторыя медыя ў выгнанні нядаўна сталі публікаваць гісторыі пра дарослых з ADHD. У адным з артыкулаў на Dev.by, блок з інфармацыяй “Што такое СДВГ” перад інтэрв’ю інфармуе чытачоў пра “схільнасць лезці ў чужыя справы”, “балбатлівасць”, “неахайнасць у працы і іншых відах дзейнасці” як рысы, уласцівыя ADHD людзям. Падобныя фармулёўкі не толькі спрыяюць стыгматызацыі і пашырэнню стэрэатыпаў, яны працягваюць традыцыю апісання ADHD як “хваробы няўрымслівых хлопчыкаў”. У выніку ADHD людзям цяжэй знаходзіць веды пра сябе і страшна раскрывацца на працы ці ў соцыюме. 

 


Як адказ на стэрэатыпы, узнікае нібы патрэба апраўдацца, і так званы наратыў “суперсілаў” можа выкарыстоўвацца, каб паказаць моцныя бакі і перавагі нейраадрозных людзей. Хаця гэтае жаданне зразумелае, а моцныя бакі сапраўды могуць быць, перавод размовы на “суперсілы” не выглядае як рашэнне. Па-першае, вартасць асобы ўсё яшчэ абмяркоўвацца на падставе здольнасцяў, у прыватнасці здольнасці быць “добрай супрацоўні:цай”, і гэта працягвае логіку эйблізма. Па-другое, цяжкасці, з якімі сутыкаюцца нейраадрозныя асобы, адыходзяць на другі план, і не адбываецца важная размова пра тое, што мы жывем у сацыяльна створаных асяроддзях, якія прыярытызуюць патрэбы і здольнасці пэўнага тыпу людзей.

Пра даследаванне

Адна з вялікіх праблемаў бальшыні даследаванняў, звязаных з нейраадрознасцю, гэта тое, што іх робяць людзі без уласнага досведу і разумення, як гэта – быць нейраадрознымі. Найбольш пераканаўчыя аргументы супраць такога падыходу можна знайсці ў полі крытычных штудыяў нейраразнастайнасці. Тут я хачу прывесці паказальны прыклад з даследаванняў аўтызму. Dwyer аналізуе, як нежаданне аўтыстычных удзельні:каў аднога з даследаванняў рабіць неэтычныя выбары, нават калі за імі ніхто не назірае, было інтэрпрэтаванае навукоўцамі як “сімптом”, праява нейкага дэфіцыту (Dwyer, 2022). Калі б аўтары даследавання, кажа Dwyer не зыходзілі з ідэі, што любая аўтыстычная рыса – гэта праява паталогіі, яны маглі б паразважаць, што рабіць этычныя выбары гэта не так ужо і блага. Але гэта не прыйшло ім да галавы, паколькі нейратыповыя людзі былі па замоўчванні ўзятыя за пункт адліку, прынятыя за «норму».

 


Крытычныя штудыі ADHD (Huijg, 2021; Jackson-Perry et al., 2025; Stenning & Bertilsdotter Rosqvist, 2021) – зусім новае поле, якое шукае спосабы даследаваць ADHD без паталагізацыі і стыгматызацыі, што дагэтуль запаланялі бальшыню навуковых тэкстаў па тэме. Такі падыход уключае фокус на пражываным досведзе і галасах ADHD людзей, партысіпатыўных і гарызантальных даследаваннях, з крытычным і інтэрсекцыйным поглядам. 

 


Даследванне працуе ў парадыгме нейраразнастайнасці, у якой ADHD не раглядаецца як разлад. Парадыгма паталогіі зыходзіць з таго, што існуе такая рэч як “нармальны” мозг, у той час як парадыгма нейраразнастайнасці бачыць існаванне розных нейра-кагнітыўных стыляў і розумаў як “норму”. Гэта не азначае, што ADHD людзі не маюць рэальных цяжкасцяў, але, следуючы логіцы сацыяльнай мадэлі інваліднасці, паходжанне гэтых цяжкасцяў звязанае больш з сацыяльным упарадкаваннем нашага свету. 

Метад

12 удзельніц і 16 інтэрв’ю з жанчынамі з Беларусі, якія:

а) працуюць ці маюць досвед працы ў ІТ сферы; 
б) маюць ADHD (дыягнаставаны афіцыйна ці самастойна)

 

Кастрычнік 2024 – Травень 2025

Мэтай даследавання было паглядзець на працу ў адносна прывілеяванай сферы, сферы ІТ пра прызму інтэрсекцыйнага падыходу, з улікам перасячэння досведаў, звязаных з гендэрам, нейраадрознасцю, квірнасцю, міграцыяй і інш. 

 


Удзельніцы для даследавання знойдзеныя пра адкрыты зварот у сацыяльных сетках, а таксама пра асабістыя кантакты даследніцы. Удзельніцы жылі з 5 розных краінах і пераехалі з Беларусі ў розны час. 

 


Даследаванне выкарыстоўвала калабаратыўны і ADHD-афірматыўны падыходы, г. зн. што метад развіваўся і мяняўся ў дыялогу з удзельніцамі для таго, каб адаптавацца пад нейраадрозныя модусы мыслення і самавыражэння. 
У межах інтэрв’ю мы размаўлялі пра такія тэмы:

 

  • Як удзельні:цы даведаліся пра ADHD;

  • Досвед з афіцыйнай дыягностыкай і прыёмам лекаў; 

  • Як ADHD праяўляецца для іх у паўсядзённым жыцці і ў прафесійнай сферы; 

  • Магчымасць размаўляць пра нейраадрознасць на працы, прыклады дыскрымінацыі і падтрымкі; 

  • З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца і якія стратэгіі дапамагаюць; 

  • Уплыў досведаў звязаных з міграцыяй, квірнасцю, наяўнасцю дзяцей на жыццё і працу. 

Вынікі

Многія беларус:кі даведаліся пра ADHD і тое, што гэтая абрэвіятура можа апісваць іх досвед, толькі пасля міграцыі. З 12 удзельніц майго даследавання толькі адна асоба ведала пра СДВГ да ад’езду з Беларусі і спрабавала атрымаць дыягностыку афіцыйна. Некаторыя суразмоўцы падзяліліся, што найперш спрабавалі абмеркаваць тэму нейраадрознасці з тэрапеўткамі ці псіхолагамі, але беспаспяхова. Даволі частыя гісторыі пра тэрапеўтак, што спярша катэгарычна адказвалі “няма ў цябе ніякага СДУГ” і толькі пазней прызнавалі, што не вельмі разбіраюцца ў тэме і не могуць па ёй нічога сказаць.

 


Даступнасць афіцыйнай дыягностыкі вельмі залежыць ад канкрэтнай краіны і (часта) фінансавых магчымасцяў. Адна з удзельніц даследавання, якая выехала з Беларусі падчас дэкрэтнага перапынку ў працы, апынулася ў даволі прэкарнай сітуацыі. Усе правы і фармальныя абавязкі яе працадаўцы засталіся ў Беларусі. Не ведаючы, ці атрымаецца ў яе вярнуцца ў тую ж кампанію ці знайсці іншую працу, мая суразмоўца сказала, што адкладае дыягностыку да лепшых часоў. 

 


Досвед удзельніц ува многім перагукаўся з тым, што апісваюць іншыя даследні:цы тэмаў ADHD і нейраразнастайнасці (Nielsen, 2020, 2017; Chapman, 2023; Pawaskar et al., 2020). (Сама)дыягностыка мела станоўчы ўплыў на іх самаацэнку, упэўненасць ва ўласных сілах і якасць жыцця. Адзін з найважнейшых вынікаў, які яны называлі, гэта магчымасць паставіцца да сябе з разуменнем і перастаць адчуваць сорам за тое, што не могуць быць “як усе”. 

 


Досвед міграцыі робіць працэс дыягностыкі транснацыянальным. Калі ўва многіх краінах Заходняй Эўропы час чакання дыягностыкі можа складаць да 4 год, некаторыя суразмоўцы падзяліліся, што задзейнічалі кантакты ў 3-4 краінах, каб атрымаць такі доступ хутчэй. У тым ліку, гэта маглі быць краіны, у якіх асоба ніколі не жыла. Аднак, атрымаўшы пацверджанне, многія спыняліся. Мала хто высвятляў, на якія рэсурсы і дапамогу могуць разлічваць у той краіне, дзе жывуць цяпер, калі гэта не было пытаннем пра падтрымку для дзяцей. 

 


Хаця ADHD часта апісваюць праз стэрэатыпныя недахоп увагі і цяжкасці з фокусам, з’яўляюцца больш трапныя спосабы апісваць гэты досвед, напрыклад, разумець ADHD праз ідэі інтэнсіўнасці і варыятыўнай увагі (Bertilsdotter Rosqvist et al., 2023), а таксама адмысловай тэмпаральнасці ADHD (Nielsen, 2020; Rasmussen et al., 2025). Інтэнсіўнасць можа праяўляцца ў дачыненнях з сабой і іншымі людзьмі. Варыятыўнасць увагі выражаецца ў тым ліку ў стане т.зв. гіперфокуса, калі асоба можа дасягаць неверагоднай глыбіні канцэнтрацыі. 

 


Цяжкасці, якія апісвалі мае суразмоўцы, былі звязаныя з матывацыяй, размытымі правіламі і чаканнямі, трывожнасцю і сумневамі ў сваіх сілах, адчуваннем кантролю і страты аўтаноміі. Асобнай вялікай тэмай была тэма маскінга. Гэты тэрмін аб’ядноўвае розныя стратэгіі камуфлявання ўласнай нейраадрознасці. Для ADHD спробы прыхаваць уласную інтэнсіўнасць, цяжкасці з пераключэннем ці часам нават заглыбокі фокус, моцна звязаныя са страхам выглядаць дзіўнымі і быць адрынутымі (Bertilsdotter Rosqvist et al., 2023). Разам з тым, маскінг патрабуе неверагодных выдаткаў энергіі і суправаджаецца адчуваннем глыбокай стомы ці нават выснажанасці. Гісторыі ўдзельніц пацвярджаюць, што часта патрабаванні маскінга на працы могуць не мець за сабой практычнага сэнсу, звязанага з выкананнем працоўных абавязкаў. Іх мэта – перфоманс нейратыповасці, падтрыманне ілюзіі, што ўсе адпавядаюць зададзеныму разуменню “нармальнасці”. 

 


У бальшыні ўдзельніц была цікаўнасць да досведу іншых нейраадрозных людзей, асабліва да пытанняў, звязаных з персанальнымі стратэгіямі, а таксама пытаннем, ці расказваць праўду на працы і ці ёсць паспяховыя прыклады, калі такая адкрытасць мела б добры вынік. Разам з тым, бальшыня ўдзельніц даследавання не былі гатовыя размаўляць на працы пра ADHD і чакалі хутчэй дыскрымінацыі, чым падтрымкі ў выпадку, калі б кіраўніцтва даведалася пра іх нейраадрознасць. Як сфармулявала адна з удзельніц:

 


“Цябе залэйбляць, не паспееш азірнуцца.. Ты вось у гэтым асяроддзі працуеш, з мужчынамі канкуруеш, і табе не патрэбныя дадатковыя лэйблы, цябе і так залэйбляць за нешта іншае .. Ты не хочаш, каб нешта цікавае праходзіла міма цябе таму што нехта думае што ты нейкая не такая..

 


ЛГБТК+ ідэнтычнасці у гэтым кантэксце маглі па-рознаму спрацоўваць, у залежнасці ад кампаніі і краіны. У адным выпадку, суразмоўца была адкрытай пра квір ідэнтычнасць на працы, але засцерагалася сказаць пра ADHD. У іншым, наадварот, падзяліцца пра аўтызм і ADHD было не так боязна, як пра квірнасць. І, безумоўна, можна знайсці многа прыкладаў падвойнай ці шматслойнай маргіналізацыі на перасячэнні гендэру, сэксуальнасці, досведаў міграцыі і мацярынства. 

 


Тыя ўдзельніцы, хто былі адкрытыя пра ADHD на працы, мелі некаторую падтрымку ад кіраўні:ц, але часцей на ўзроўні міжасабовых дамоўленасцяў. Гэта значыць, што са зменай кіраўні:цы ўмовы працы змяняліся таксама. Усе ўдзельніцы мелі набор асабістых стратэгіяў і практык, якімі карысталіся, каб дапамагчы сабе ў працоўным асяроддзі. Пры гэтым, ідэя абгрунтаванай адаптацыі працоўнага асяроддзя пад іх патрэбы хутчэй здавалася фантастычнай ідэяй, за выняткам аднога прыклада. Карпаратыўныя ініцыятывы, звязаныя з нейраразнастайнасцю, выклікалі ва ўдзельніц недавер і/ці няўпэўненасць, што ўдзел будзе для іх карысны.

Рэкамендацыі

Існуе скепсіс да таго, наколькі карпарацыі могуць сістэмна рупіцца пра дабрабыт і камфорт нейраадрозных жанчынаў. Аднак унутры карпарацыяў працуюць людзі, зацікаўленыя ў салідарнасці і пошуку больш справядлівых спосабаў суіснавання. Акрамя інфармавання і спробаў ўплываць на стэрэатыпы, што важна, але ніколі не дастаткова, можна параіць звяртаць больш увагі на матэрыяльныя аспекты жыцця нейраадрозных людзей.

На ўзроўні кампаній

Доступ да дыягностыкі, лекаў і іншых рэсурсаў, якія могуць быць патрэбныя ADHD супрацоўні:цам, адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны, але мала дзе яны дастатковыя. Калі палітыкі кампаніі і яе сацыяльны пакет не распрацоўваўся з увагай да патрэбаў нейраадрозных людзей, іх трэба перагледзець, прычым з удзелам нейраадрозных людзей. 
 

 

Аднай з важных рэчаў, якія кампаніі маглі б зрабіць для сваіх ADHD і AuDHD супрацоўні:ц з досведам міграцыі – дапамагчы разабрацца ў лакальных умовах, правах і рэсурсах. У некаторых краінах ADHD мае статус disability і абаронены на заканадаўчым узроўні, але далёка не заўсёды мігрант:цы лёгка зразумець, што гэта значыць практычна і як гэтым можна скарыстацца. 

 


Варта прыняць, што прычыны, па якіх людзі не гатовыя размаўляць пра нейраадрознасць на працы, важкія. Ёсць шэраг прыстасаванняў і практык, якія важныя для нейраадрозных людзей, але таксама выгодныя для іншых:

 

  • Праца з дому;

  • Гнуткі графік;  

  • Дазвол не трымаць камеру зума ўключанай увесь час сазвона; 

  • Магчымасць рухацца падчас сазвонаў; 

  • Перапынкі, калі сустрэча цягнецца больш за 45-60 хвілін;

  • Падтрымка розных фарматаў успрымання інфармацыі;

  • Прасторы ў офісе, дзе можна абмежаваць стымулы і зменшыць сэнсарную нагрузку.

 


У ідэале інфармаванне і праца са стэрэатыпамі сярод калегаў мусіла б адбывацца праз прызму нейраразнастайнасці, не паталагізацыі. Але рэалістычна словы, накшталт “сімптом”, “камарбіднасць” і “разлад”, будуць дамінаваць у размовах пра нейраадрознасць яшчэ некаторы час. Варта разумець, што самі нейраадрозныя людзі таксама могуць і будуць выкарыстоўваць медычныя тэрміны для апісання свайго досведу, і сярод іх можа не быць згоды па гэтым пытанні. Ёсць выраз “калі вы ведаеце адну аўтыстычную асобу, вы ведаеце адну аўтыстычную асобу”. Гэта значыць, у тым ліку, што няма ўніверсальных правілаў і падыходаў, якія працавалі б для ўсіх.

Кіраўніцтва

Калі ў вашай камандзе працуе ADHD жанчына альбо іншыя нейраадрозныя асобы, важна не абапірацца на стэрэатыпы і не дадумваць, як гэта можа ўплываць на працэс працы.

 


Некаторым дапамагае мець напісаныя інструкцыі, здаваць працу меншымі фрагментамі ці строгія дэдлайны. Для іншых жа гэта можа быць пеклам, і ім важная аўтаномія, каб быць адказнымі за вялікі ўчастак працы і не справаздачыцца штодня па дробных рэчах. Усё гэта варта абмеркаваць. 

 


Яшчэ вельмі важна выразна дамовіцца, што працэс прыстасавання не аднаразовы. Паступова, лепш разумеючы сябе і свой рытм працы, асоба можа зразумець, што вашая дамоўленасць не працуе ці працуе не так, як чакалі. У такой сітуацыі многія саромеюцца прапаноўваць чарговыя змены і прасіць да сябе ўвагі. Нармалізуйце гэта. 

 


Стварэнне ўмоваў для агучвання патрэбаў доступу – працэс, які займае час. На пытанне “ці ёсць у вас патрэбы доступу ці пажаданыя прыставанні?” бальшыня не зможа адказаць знянацку, хаця яны ўжо некаторы час думаюць пра свае асаблівасці і шукаюць адказу. Тым не менш, варта працягваць задаваць пытанне. Ролевыя мадэлі і прыклады таго, якія прыставанні бываюць і актуальныя ў канкрэтнай краіне/галіне, маглі б быць вельмі карыснымі. 

 


Не варта ставіцца да нейраадрозных супрацоўні:ц паблажліва, інфантылізаваць, ці апекавацца залішне. Варта даведацца базавыя рэчы пра нейраадрознасць, парадыгму нейраразнастайнасці, гендэрную няроўнасць у дыягностыцы. 

 


Не варта казаць “усе мы крыху ADHD” ці выкарыстоўваць аўтызм, дыслексію, ADHD як метафары для апісання пэўных паводзінаў, асабліва негатыўных. Таксама не варта адказваць “але ж ты так добра [падставіць варыянт]” ці “але ж ты не выглядаеш як ADHD”.

 


І, безумоўна, нельга выкарыстоўваць інфармацыю пра нейраадрознасць, вырашаючы пытанні кар’еры ці іншых магчымасцяў чалавека. Вялікая колькасць ADHD і AuDHD жанчынаў пабудавалі паспяховыя кар’еры ў тым ліку праз тое, што нікому не расказвалі пра сябе. Калі вам даверылі такую інфармацыю, гэта вялікая адказнасць і ваш шанец не множыць дыскрымінацыйныя практыкі.

“Расказваць ці не?”. Як ADHD жанчыны з Беларусі даюць рады нейранарматыўным чаканням працы ў ІТ індустрыі

Тиражирование исследование возможно только с согласия проекта “Women in tech” с обязательной ссылкой на сайт проекта. Исследование проведено Центром гендерных исследований ЕГУ в рамках проекта Women in Tech при финансовой поддержке ЕС.

  • Instagram
  • Facebook
  • LinkedIn

Праект рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Звяза.

bottom of page